Ахінулі клопатам

  • 11.09.2017
Ахінулі клопатам
Ахінулі клопатам
Напярэдадні Дня ведаў дзверы Сацыяльна-педагагічнага цэнтра амаль не зачыняліся — столькі было візітаў даўніх сяброў і спонсараў, якія не толькі рэгулярна аказваюць матэрыяльную падтрымку ўстанове, але і шчодра дзеляцца з яе выхаванцамі дабрынёй сваіх сэрцаў.
У панядзелак у рамках акцыі “Збяром дзяцей у школу” гасцямі цэнтра сталі прадстаўнікі 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Для іх выхаванцы прытулку падрыхтавалі невялічкую канцэртную праграму, падчас якой дэкламавалі вершы на школьную тэматыку.
Пасля лірычнага адступлення адбылося знаёмства. Гасцей прадставіла дырэктар Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля Віктараўна Селіванава. Яны па чарзе віншавалі дзяцей, уручалі падарункі, успаміналі свае школьныя гады, жадалі поспехаў у вучобе, выдатных адзнак, новых адкрыццяў і вясёлых прыгод. А галоўнае — каб знаходжанне ў прытулку было камфортным, але часовым і ў хуткім часе каб усе вярнуліся ў сем’і, дзе іх чакалі б клапатлівыя бацькі.
Зараз у прытулку знаходзяцца дванаццаць дзяцей, пяць з іх — школьнікі. Сёлета ўпершыню сядзе за парту шасцігадовы Вова. Каб гэта падзея стала для хлопчыка незабыўнай, прадстаўнікі шпіталя падрыхтавалі для яго асобны падарункак і пажадалі ў будучым стаць ваенным урачом. Таксама падчас сустрэчы дамовіліся, што ўсе выхаванцы ўстановы па паказаннях педыятра будуць праходзіць у шпіталі медыцынскую рэабілітацыю (фізіяпрацэдуры).

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.